Аб візіце ў прэфектуру Фукусіма
26.04.2024 г.24 красавіка 2024 г. адбыўся працоўны візіт Часовага паверанага у справах Рэспублікі Беларусь у Японіі Яўгенія Лаўрыненкі ў прэфектуру Фукусіма.
Напярэдадні 38-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС беларускі дыпламат наведаў Мемарыяльны музей Вялікага ўсходняга землетрасення Японіі і атамнай аварыі ў г.Футаба. Музей размешчаны за чатыры кіламетры ад атамнай электрастанцыі «Фукусіма-1», на якой у 2011 у выніку моцнага землятрусу і цунамі адбылася тэхнагенная катастрофа.
У музеі захоўваюцца фатаграфіі і дакументы, якія расказваюць аб жыцці рэгіёну да катастрофы, наступствах землятрусу і цунамі, пачатку атамнай аварыі і эвакуацыі жыхароў, а таксама аб намаганнях па аднаўленні пацярпелых раёнаў.
У межах гутаркі з кіраўніцтвам музея, а таксама відавочцамі падзей 2011 года, Я. Лаўрыненка адзначыў важнасць захавання памяці аб сяброўскай дапамозе, якую аказваў японскі бок у 1986 годзе і беларускі ў 2011 годзе
Яўгеній Лаўрыненка таксама наведаў Медыцынскі ўніверсітэт г. Фукусіма і правёў сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам універсітэта, кавалерам ордэна Францыска Скарыны прафесарам Сюн'іці Ямасіта. Абмеркавалі магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва паміж медыцынскімі ўніверсітэтамі Беларусі і Японіі.