:

Дні беларускага пісьменства

21.05.2019 г.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, адукацыі і кнігадрукавання. Упершыню ў 1994 годзе свята праходзіла ў г.Полацку. Потым яго сталіцамі былі Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацк (усяго – тройчы), Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.
У 2001 годзе ў г. Мсціслаў свята праходзіла з удзелам Кіраўніка дзяржавы.
За час правядзення мерапрыемства набыло агульнанацыянальны статус, стала знакавай падзеяй у культурным жыцці краіны.
Асноўная ідэя Дня беларускага пісьменства – беражлівае захаванне духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігадрукавання.
Рашэннем нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства сталіцай 26-га па ліку свята ў 2019 годзе вызначаны горад Слонім Гродзенскай вобласці.
Даведачна:
Па археалагічных дадзеных у цэнтры сучаснага Слоніма ўжо ў першай палове XI стагоддзя было ўмацаванае паселішча. На старонках гістарычных крыніц назва горада ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам як Услонім, Васлонім (ад Усходне-Славянскага «услона», што азначае заслон, фарпост).
У канцы XIII стагоддзя горад канчаткова ўвайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, а ў 1531 годзе атрымаў Магдэбурскае права. Яшчэ ў пачатку XV стагоддзя Слонім заставаўся значным вайсковым умацаваннем. Не выпадкова Слонімская харугва (полк) прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве, вынікам якой стаў разгром крыжакоў.
У XV-XVI стагоддзях горад знаходзіўся ў валоданні некальных буйных феадалаў, з 1586 года ім валодаў літоўскі канцлер Леў Іванавіч Сапега, пасля яго – падканцлер літоўскі Казімір Леў Сапега, магнаты Агінскія.
Леў Іванавіч Сапега (04.04.1557 – 07.07.1633) – беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, дыпламат, мысляр. На працягу жыцця ён займаў самыя высокія пасады ў ВКЛ: каралеўскі сакратар у 1580-1581 гг., пісар дзяржаўнай канцылярыі ў 1581-1585 гг., падканцлер у 1585-1589 гг., канцлер вялікі літоўскі ў 1589-1623 гг., ваевода віленскі з 1623 года і адначасова гетман вялікі з 1625 па 1633 год.
20 ліпеня 1586 года за ўдалую дыпламатычную місію (падпісанне дамовы аб перамір’і з рускім царом і вызваленне з плену 900 беларусаў) Леў Сапега пажыццёва атрымаў Слонімскае стараства, пасля чаго зрабіў Слонім сваёй галоўнай рэзідэнцыяй.
У 1591 годзе Зігмунд II Ваза даў Слоніму Герб: залаты леў з падвоеным срэбраным крыжам на блакітным полі.
Росквіт Слоніма у другой палове XVIII стагоддзя звязаны з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага (1728-1800).
У Слоніме ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны канал (1763-1783), які злучыў прыток Прыпяці Ясельду са Шчарай, а ў межах горада выраўнаваў рукаў Шчары. З імем Агінскага звязана дзейнасць прыдворнага тэатра, створанага каля 1770 года. У ім працавалі прафесійныя італьянскія і польскія оперныя і драматычныя артысты, мастакі, прыгонны хор і балет. Шырокай вядомасцю карыстаўся Слонімскі аркестр (капэла) – адзін з самых вялікіх  прыдворных аркестраў Еўропы таго часу як па колькасці выканаўцаў (53 чалавекі), так і па наяўнасці музычных інструментаў.
У 1795 годзе Слонім увайшоў у склад Расіі, пасля чаго на працягу года быў губернскім горадам. З 1801 года Слонім – цэнтр павета Гродзенскай губерніі. У 1880 годзе праз Слонім прайшла дарога Баранавічы – Варшава, а ў 1886 годзе – лінія чыгункі Баранавічы – Беласток, пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.
Вялікую ролю ў развіцці прамысловасці горада ў XIX-пачатку XX стагоддзя адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслаўскія, якія ў прыгарадзе Альберцін адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альберцінскую суконную фабрыку.
У першай палове 1915 года Слонім стаў прыфрантавым горадам, а 14 студзеня 1919 года быў вызвалены Чырвонай Арміяй ад кайзераўскіх войскаў. Па мірнаму дагавору, падпісанаму ў Рызе 18 сакавіка 1921 года, Слонім разам з іншымі гарадамі і раёнамі Заходняй Беларусі адыйшоў да Польшчы. Але ўжо 18 верасня 1939 года сустракаў байцоў Чырвонай Арміі.
Грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны сталі самым суровым выпрабаваннем для сланімчан. Слонімшчына панесла вялікія страты – 44 418 сланімчан загінулі ў гады ваеннага ліхалецця, прах 5 223 воінаў і 108 партызан пакоіцца на Слонімскай зямлі. На Петралевіцкай гары было расстраляна больш за 10 тысяч чалавек, на Чэпелеўскіх палях – 30 тысяч, ва ўрочышчы Моргі – 2 тысячы. 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі горад ад гітлераўскіх захопнікаў.
Слонімскі раён створаны ў 1940 годзе спачатку ў складзе Баранавіцкай вобласці, а ў 1954 годзе увайшоў у склад Гродзенскай вобласці. Па тэрыторыі цячэ рака Шчара з прытокамі рэк Грыўда, Бяроза, Іса, Зельвянка. Каля 35 % тэрыторыі раёна займаюць лясы.
Адміністрацыйным цэнтрам раёна з’яўляецца горад Слонім. У склад раёна ўваходзяць 147 населеных пунктаў і 10 сельскіх Саветаў. Насельніцтва складае каля 64 тысяч чалавек, у тым ліку ў г. Слоніме пражывае амаль 50 тысяч жыхароў.
Раён знаходзіцца на перакрыжаванні важнейшых аўтамабільных і чыгуначных магістраляў: Масква-Мінск-Баранавічы-Брэст, Баранавічы-Гродна, Мінск-Баранавічы-Гродна.
Слонімскі раён валодае значным гістарычным і культурным патэнцыялам. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 141  помнік гісторыі і культуры.
У дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены 90 аб’ектаў, у тым ліку 36 помнікаў архітэктуры, 15 помнікаў гісторыі, 39 помнікаў археалогіі.
Архітэктура раёна прадстаўлена грамадскімі і культавымі аб’ектамі, сярод якіх: Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, комплекс былой сядзібы «Альберцін», Андрэеўскі касцёл, забудовы плошчы Леніна, будынак былой сінагогі, аўстэрыі, ратушы і інш.
У перыяд падрыхтоўкі Дня беларускага пісьменства гарады – цэнтры свята атрымліваюць новы імпульс у сваім развіцці. Праводзяцца значныя работы па рамонту, рэканструкцыі і аднаўленню будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленню жыллёвага фонду, уводу ў дзеянне аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, адкрыццю помнікаў архітэктуры і мастацтва.
Штогод на свята збіраюцца тысячы гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Традыцыйна ў мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў. Праграма свята прадугледжвае правядзенне прэзентацый знакавых выдавецкіх праектаў, выступленні беларускіх і замежных пісьменнікаў.
Састаўной часткай мерапрыемстваў з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Пры гэтым экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае работу ў сталіцы правядзення свята.
Традыцыйна напярэдадні свята праводзяцца Міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», а таксама навукова-практычная канферэнцыя «Слонімскія чытанні», прысвечаная гісторыі горада – сталіцы свята і раёна.
Непасрэдна 1 верасня ў горадзе Слоніме на галоўнай сцэне ў цэнтральным парку адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця свята, выступленне гасцей – артыстаў беларускай эстрады. У рамках Дня пісьменства будзе праведзена цырымонія ўручэння «Нацыянальнай літаратурнай прэміі».
На прылягаючых вуліцах будзе разгорнуты святочны гандаль. Будуць працаваць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, дзіцячыя гарадкі, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк. На працягу ўсяго дня будуць праходзіць прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, выступленні творчых маладзёжных калектываў вобласці, іншыя мерапрыемствы.
Разам са стаўшымі ўжо традыцыйнымі формамі, у Слоніме запланаваны шэраг навін. Так, будзе вызначаны дэвіз свята, які стане стрыжнем мерапрыемстваў; упершыню будзе абраны талісман Дня беларускага пісьменства. У планах – арганізацыя гастранамічнага фэсту з гатаваннем страў, апісаных у творах беларускіх класікаў; работа пляцоўкі калекцыянераў; арганізацыя праекта, у якім у фотаздымках будзе паказана гісторыя правядзення Дня беларускага пісьменства на гродзенскай зямлі. Вядуцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы па ўстаноўцы помніка Льву Сапегу, а таксама выпуску тэматычных выданняў.
Прэзентацыі кніжных праектаў, шэраг іншых мерапрыемстваў у рамках Дня беларускага пісьменства ў горадзе Слоніме будуць прысвечаны знамянальным датам 2019 года – Году малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь, 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, юбілейным датам класікаў літаратуры В.Быкава, М.Лынькова, А.Куляшова, А.Савіцкага, П.Труса, І.Сяркова, А.Якімовіча, Е.Лось.
Выставачныя праекты прадставяць у Слоніме Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
На працягу святочнага дня пройдуць адкрытыя турніры па лёгкай атлетыцы, валейболу, гандболу, міні-футболу, шашках і шахматах, паказальныя выступленні юных спартсменаў па мастацкай гімнастыцы, тайландскім боксе, каратэ і дзюдо.

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти